МЕ́КЛЕНБУРГ-ПЯРЭ́ДНЯЯ ПАМЕРАНІЯ (Mecklenburg-Vorpommern),

зямля (адм. адзінка) на ПнУ Германіі. Знаходзіцца паміж рэкамі Эльба на З і Одэр на У (мяжуе з Польшчай), на Пн абмываецца Балтыйскім м. Пл. 23,2 тыс. км². Нас. 1833 тыс. чал. (1994).

Адм. ц. — Шверын, значныя гарады: Ростак, Нойбрандэнбург, Штральзунд, Грайфсвальд, Вісмар. Займае нізіннае Мекленбургскае паазер’е, у Балтыйскім моры а-вы Руген, Гідэнзе, частку Узедама і інш. Клімат умераны, цёплы, пад значным уплывам марскіх мас паветра. Рэкі кароткія. Шмат азёр, найб. Мюрыц (117 км²). Вял. плошчу займаюць хваёвыя і букавыя лясы. Самы маланаселены рэгіён Германіі. Найб. развіта сельская гаспадарка. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, бульбу, цукр. буракі, фуражныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Рыбалоўства. Прам-сць суднабуд., харч. (рыбная, мясная, малочная), маш.-буд., металаапр., дрэваапрацоўчая. Каля г. Грайфсвальд АЭС (спынена пасля 1989). Добра развіта сетка аўтадарог і чыгунак. Гал. гандл. і рыбалоўны порт — Ростак, паромны порт Засніц (сувязі з Швецыяй). Важны турыстычны рэгіён Германіі (узбярэжжы Балтыйскага м. і азёр).

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)